УМАЦАВА́ННІ ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫХ ЗБУДАВА́ННЯЎ,

канструкцыі і ўстройствы для павелічэння трываласці і аховы рэчышчаў рэк, каналаў і адхонаў земляных гідратэхн. збудаванняў ад разбурэнняў. Шырока выкарыстоўваюцца ў гідрамеліярац. буд-ве: узмацняюць адхоны плацін, дамбаў, водарэгулявальных збудаванняў, дарожных насыпаў, ложаў каналаў і рэк водапрыёмнікаў, берагі вадасховішчаў і сажалак.

Бываюць біял. або біяхім. (адзернаванне, залужэнне адхонаў, прыгрузка адхонаў раслінным грунтам, стварэнне дзярнова-травяных дываноў і інш.), драўнінна-хмызняковыя (фашыны, сеннікі, плятні, жардзяныя і дашчаныя шчыты і інш.), бетонныя і жалезабетонныя (пліты, блокі і латакі розных канструкцый з шчыльнага або порыстага бетону), з палімерных і шкловалакністых матэрыялаў (фільтравальныя шкловалакністыя або сінт. палотны, тканіны з прыгрузачнымі кішэнямі, канструкцыі з перфараванай пластмасавай стужкі), каменна-накідныя. Гл. таксама Гідрамеліярацыйныя збудаванні, Гідратэхнічныя збудаванні.

Літ.:

Михневич Э.И. Новые типы креплений мелиоративных каналов. Мн., 1978.

В.​М.​Кандрацьеў.

Умацаванні гідратэхнічных збудаванняў (каналаў): а — фільтравальнымі плітамі з порыстага бетону (1 — пліта, 2 — адхон з камення, 3 — пліта з упорам); б — буйназярністым матэрыялам (1) па слоі шклопалатна (2); в — прыадхонным дрэнажом (1); г — рабрыстымі жалезабетоннымі плітамі (1) па слоі зваротнага фільтра (2); д — камбінаваным спосабам (1 — гідрасяўба траў, 2 — біяпалатно, 3 — мясцовы грунт, 4 — пліты).

т. 16, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)